91d9175f

Аркуш Алесь - На Пошукi Зьмея Нарата (На Белорусском Языке)



Алесь Аркуш
На пошукi Зьмея Нарата
О, гэты сьмяльчак, Раул Бопп*,
якi накiнуў на шыю Зьмею Нарата
пятлю i засiлiў гразу сэльвы Амазонкi.
Ён так марыў ажанiцца з дачкою каралевы Лузii,
што ўлез у скуру сваёй ахвяры
i зьмеям выправiўся на пошукi абраньнiцы.
- Куды-ж ты, Зьмей Нарата? - пытаюцца
ў Раула Боппа жыхары сэльвы.
- Хачу я бачыць дачку каралевы Лузii, -
адказваў усiм сьмяльчак Раул.
Няпросты ён выбраў шлях - праз сэльву,
праз балоты, праз выпрабаваньнi.
Уладзiмер Славук** намаляваў-бы
шыкоўныя iлюстрацыi да гэтай гiсторыi.
Зьмей у яго атрымаўся-б як сапраўдны -
блiшчыць луска цела пад месячным сьвятлом,
блiшчаць вочы Зьмея, выпраменьваючы адвагу i непахiснасьць,
а з-пад кожнай купiны, з-за кожнага дрэва
сочаць за iм жыхары сэльвы - хiжыя, кiпцюрыстыя, iкластыя;
толькi страшныя абрысы Зьмея Нарата
ратуюць Раула ад нападу кракадзiлаў, ягуара i пiраней.
О, гэты сьмяльчак Раул Бопп!
Як моцна ён жадае дачку каралевы Лузii!
Вядома, ён пройдзе праз усе выпрабаваньнi,
бо за праважатага ў яго адвага i ўпартасьць,
ён выкрадзе сваю абраньнiцу, яны возьмуць шлюб
i будуць жыць, як i марыў Раул, у краi Бязьмежных Земляў.
Там, напэўна, яны жывуць i зараз i там я iх сустрэну
калi наведаю край, дзе горныя ланцугi ўздымаюцца ў неба,
дзе цякуць празрыстыя рэчкi мiж мулунгу - дрэў з
экзатычнымi кветкамi. Сам Раул будзе маiм гiдам,
ён пазнаёмiць мяне з сябрамi i раскажа праўдзiвую
гiсторыю пра Зьмея Нарата i дачку каралевы Лузii,
затым наладзiць выправу ў амазонскую сэльву, -
будзе па-сяброўску пахлопваць па гузаватых баках
кракадзiлаў, перасьвiствацца з дзiўнымi птушкамi,
частаваць ягуара са свайго паляўнiчага нажа.
Ноччу, калi поўня падзелiць сэльву на дзве роўныя часткi,
я прачнуся i старожка выбяруся з намёта, падкiну дроў
у амаль згаслае вогнiшча i ўпэўненым крокам пайду ў цямрэчу
зь лiанаў, пальмаў i трысьнягу -
клiкаць Зьмея Нарата.
* Раул Бопп - бразыльскi паэт пачатку XX стагодзьдзя.
** Уладзiмiр Славук - сучасны беларускi графiк.




Назад